АБСЦЭ́СЫ МНО́ЖНЫЯ ў дзяцей, псеўдафурункулёз, хвароба, якая характарызуецца гнойным запаленнем экрынавых потавых залоз. Узбуджальнік — залацісты стафілакок. Узнікненню спрыяюць расшыраныя і ўкарочаныя вывадныя пратокі потавых залоз у грудных дзяцей. На скуры ў вусцях праток з’яўляюцца пустулы (як шпілечная галоўка), якія прарываюцца з утварэннем гнойнай скарынкі. Адначасова ўзнікаюць шматлікія вузельчыкі і вузлы (памерам ад гарошыны да яйца) чырвона-бардовага колеру, якія потым размнажаюцца і прарываюцца з вадкім гноем. Высыпанні бываюць прыступамі і суправаджаюцца агульнай слабасцю, ліхаманкай, паносам. Хвароба працяглая; пры загойванні застаюцца рубцы. Лечаць УФ-апрамяненнем, пераліваннямі крыві маці, ін’екцыямі пеніцыліну; абсцэсы ўскрываюць, прамываюць антысептыкамі.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)